Home

Cidizarre

Jun. 20th, 2008

01:24 pm - тое, пра што ўсе падумалі

“Незадоўга да Крымскай вайны ў Польшчы ўтварылася тайнае нацыянальнае кіраванне, зразумела, з мэтай распаліць мяцеж. Доўгі час пра іх дзейнасць нічога не было вядома. Хадзілі дзіўныя чуткі пра паўночныя сходкі ў сутарэннях, пра здраднікаў, што былі асуджаныя судамі, дзе суддзі былі ў масках і з каптурамі на галовах – на іх прысуды не было апеляцыяў і нельга было ад іх уратавацца, - пра хатнія вобшукі, ад якіх не ўберагліся ні палаты, ні хібары, і пра целы, якія знаходзілі ноччу на самых людных вуліцах сталіцы або на аддаленых пустках за горадам; а на кінжале, якім закалолі ахвяру, стаяў штэмпель з вядомым дэвізам рэвалюцыйнага камітэта. Так добра захавалася таямніца навейшага Фемгерыхта, што ўсе высілкі раскрыць іх чальцоў засталіся марнымі.”
Чарльз Уільям Геккерторн “Гісторыя таемных таварыстваў”

Jun. 17th, 2008

05:12 pm - nothing like the sun

Я падымаю галаву, і мне па вачах б’е яркае, шчаслівае сонца. Яно пранізвае мяне да самай глыбіні майго сэрца. У ім так многа любові, што яе можна зблытаць з нянавісцю. Пад такім сонцам, у такі выдатны дзень на пачатку лета чалавек не мае права быць сумным, непрыгожым, хворым. “Чаго табе не хапае?” – вялікадушна пытаецца сонца. Я падаю перад ім тварам долу, каб выказаць сваю ўдзячнасць за ўсё, што ў мяне ўжо ёсць, і больш не магу падняцца.

Jun. 16th, 2008

11:36 am - Сны

Сотняй гадоў пазней, няранняя раніца, калі спяшацца не мае сэнсу ні вольнаму, ні спраўнаму, ні падначаленаму. Міністр народнай асветы кіруе фотамабілем колеру «фратаваны электарат» і слухае аудыёкнігу з серыі «Псіхалогія і душэўнае самаўдасканаленне».
«І Вялікі Сеткавік паклаў мне руку на плячо, ад чаго ува мне ўзнялася хваля салодкага і светлага шчасця».
Міністр народнай асветы нервуецца, кашляе і сплёўвае ў хустачку. Ён дагэтуль зашмат паліць. Нават перамогшы смерць, некаторыя рэчы перабароць немагчыма. Дактароў, напрыклад. А тут яшчэ, як аказваецца, Вялікага Сеткавіка.
Міністр уяўляе сабе яго як агромністага павука са страхалюднымі жваламі і раздутымі мяккімі педыпальпамі.
Заякарыўшы фотамабіль на магнітнай паркоўцы, Міністр лёгкай хадой пачынае сваё ўзыходжанне па высачэзнай мармуровай лесвіцы і між часам тэлефануе Старшыні Акадэміі Навук.
- Вялікі сеткавік? Дык гэта ж герой коміксаў. - кажа яму Старшыня, прафесар прапедэўтыкі. - Сам памятаю, мы гуляліся ў яго ў пачатковай школе. Ось памятаю, бярэш аўтамат, і - ду-ду-ду-ду-ду!
- А мне падалося, ён бярэ ўладу без зброі. Дабром.
- Ну так. А ты бярэш зброю, і ду-ду-ду-ду-ду па ім! Памятаю, я заўсёды перамагаў!
Гэты адказ не задавальняе Міністра Асветы. Паводле яго меркаванняў, дзеці ў пачатковай школе павінны займацца зусім іншым.
- Дык вы ў школе гуляліся? Як вас толькі ў Акадэмію ўзялі?
- У вашым голасе мне чуецца абвінавачванне, неактуальнае за даўнасцю справы! - кажа старшыня і хіхікае. Сувязь перапыняецца.
На белым мармуровым ганку Міністр ужывае магнітны пропуск, але высачэзныя дзверы застаюцца зачыненымі. Ён спрабуе яшчэ і яшчэ - ўрэшце, яны адчыняюцца. - Што, ў Рай не пушчаюць? - яхідна пытаецца Старшыня Акадэміі навук, выходзячы з дзвярэй, і, не чакаючы адказу, сыходзіць уніз. Міністр паварочваецца да дзвярэй - у іх стаіць Шэры Чалавек.
- Праходзьма, - кажа ён.
- З пэўных крыніцаў мне сталася вядома, што вы распаўсюджваеце непрыстойную веду, - кажа Функцыянер у кабінеце.
- Я знайшоў патаемную кнігу, - кажа Міністр і трохі нервуецца. - Можа, сто гадоў яна праляжала на самым дне памяці майго першага персанальнага камп'ютара. У ёй расказваецца, як зрабіць усіх людзей шчаслівымі.
- Мы ўжо зрабілі ўсіх людзей шчаслівымі, - кажа Функцыянер. - Ці вы думаеце, нашто была патрэбная рэвалюцыя?
Пасля гэтых словаў абодвум належыць устаць і выканаць гімн:
Рэвалюцыя, ты навучыла нас
Верыць у невінаватасць дабра...
Яны гэта робяць. Міністр спявае з вялікім натхненнем. Функцыянер задаволены. Але потым гэты жаўтазубы, бязжаласна ліпаксаваны дзядзька сам усё псуе.
- Я ведаю, мы ўсе вельмі шчаслівыя, што жывем тут і цяпер. - кажа, трохі засопшыся, Міністр. - Але ці даўно вы проста перажывалі шчасце?
- У вас яшчэ ўсё наперадзе, - кажа Функцыянер, абдымаючы яго за плечы.
Гучыць песня: “Put me in your dry dreams, put me in your wet, if you haven’t yet.”
Я прачынаюся ў абдымках асалоды, з адчуваннем, нібы ў душы маёй незабудкі і ў чрэслах маіх мёд.

Apr. 24th, 2008

12:23 am - ранішняе заўтрашняе

Я прачынаюся ў пакутах, прыдушаны ліхаманкай, і пакуль я не расплюшчу вочы, мне здаецца, нібы я паміраю.
А потым я ўстаю і іду, і чым хутчэй іду, тым мне лягчэй.
Я ведаю, што, пакуль я сплю, я плачу па табе. Плачу так горка, нібы ты памерла. І буду плакаць.
Адзінае месца на Зямлі, дзе я вольны, - гэта сны.

Apr. 17th, 2008

08:23 am - Апошнія манга ў Парыжы

Вецер вее, дожджык сее холад, смутак і прастуду. Ты мяне не разумееш, і з табою я не буду. У маўчанні спіць пытанне, слова нараджае слова... Дзе канец маім блуканням? Як згубіцца канчаткова?

Mar. 29th, 2008

10:25 pm - Што такое свабода?

Да мяне пачалі прыходзіць успаміны пра дзяцінства - незацёртыя, каляровыя. Сёння, напрыклад, я успомніў гульню "Эрудыт", якая навучыла мяне прынцыпам электрычнага ланцужка. Аснова гульні - дошка і два кантакты на правадках. На дошку кладзецца картка з заданнем. Напрыклад, злучыце птушку і яе назву. Або шараду і адказ. Ты утыркваеш адзін кантакт у шараду, а другі - ў адказ. Калі адказ правільны, загараецца лямпачка. Самая простая такая гульня складалася з кардонкі з фольгай, батарэйкі, лямпачкі і двух кавалкаў дроту.
Уважліва разглядзеўшы схему, можна было разгадаць любую картку, нават не ведаючы адказу... Чаму гэткія ўспаміны зрабіліся для мяне інтымнымі? Што выцесніла іх на самыя выселкі маёй памяці? Што такое я-дазволены, і што такое я-натуральны?
Што такое свабода?

Mar. 25th, 2008

01:16 am - Як прыгожа

Як прыгожа будуць выглядаць сцягі на белым снезе.

Mar. 22nd, 2008

09:16 am - Угадай мелодыю, угадай кіно:)

Бо гэта быў доўгі, доўгі час,
І час той нядобрым быў да нас.
Сярод насельнікаў Зямлі
Былі і мы, і мы былі.
Але натура паўстае,
І нас з табой - о-йе, о-йе,
Уздымае ў воблаку густым
Каметны пыл, касмічны дым.
Ён саграе - о-йе, о-йе.
Твае далоні і мае.
Я праглыну сваю журбу
І ўздыхі выдыхну ў трубу
Хай дзьме нуда ў сваю дуду,
Я больш за ёю не пайду.

Mar. 10th, 2008

06:10 pm

Ня кожны можа так, як я.
Ня кожны.
Ня кожны можа так, як я.
Так -- можна.

Dec. 9th, 2007

12:19 am - трохі трызнення для адданых чытачоў:)

365 спосабаў палюбіць жыццё: гісторыя сёмая

Было дзве гадзіны ночы, у мяне быў востры прыступ дэпрэсіі, я ішоў па маршруце пятнаццатага аўтобуса і плакаў. На лаўцы ляжала Евангелле, адкрытае і пакрытае крышталікамі лёду. Я сцёр шэрань і прачытаў: і сказаў Ісус, вазьмі сваю пасцель і ідзі.
І я ўзяў сваю пасцель і пайшоў на рынак, бо куды яшчэ ісці ў суботу бяздомнаму, хвораму, такому, як я, у каго, акрамя пасцелі, нічога свайго няма, нават блізкіх, каб абмыць маё цела, калі памру.
І сказалі мне людзі: у наш святы, святочны дзень ты працуеш - носіш сваю пасцель. Дзе твой сорам?
Ад сораму ў мяне запякло ў пячонках, закруціла ў селязёнцы, і ўсе мае хваробы ізноў пачалі грызціся паміж сабой, раздзіраючы мае вантробы. Я паклаў пасцель на зямлю пасярод рынку, лёг на яе і памёр.
Па маршруце пятнаццатага аўтобуса ехаў снегаачышчальнік з вялізнымі мётламі па баках і махаў імі, нібы крыламі. Калі мне ў твар сыпанула нячыстым снегам, я ўсхапіўся, працёр вочы рукавом, падняўся з лаўкі і пайшоў услед, уголас славячы Госпада нашага, што дараваў нам жыццё. За кожным маім словам з неба сыпаліся залатыя канфеці і крупчастая манна.
- Яціць яго ціць! - крычаў вадзіцель, абарочваючыся на мяне.
- Святы вечар! - радасна гукаў я ў адказ.
Снегаачышчальнік стаў, вадзіцель выскачыў і пабег да мяне. Я шпурнуў у яго зацукраванай грушай. Вадзіцель ўпаў на зямлю, як падкошаны.
Я пакрыў яго сваёй залатушнай пасцеллю і пайшоў далей, вольны і здаровы, спяваючы хвалу радасці. За маёй спінай, за шчыльнымі фіранкамі чужых мрояў, адбывалася чарговая сцэна ўваскрашэння.

Nov. 17th, 2007

11:03 pm - з цыклу "гістэрычны люмпен"

Калі я думаю пра нашае з табою каханне,
Яно нагадвае мне рыбіну, нанізаную праз вочы.
Яе абселі мухі, яна загінула дарма,
Як нашыя з табою намаганні як след яе высушыць,
Каб можна было стукаць ёю аб стол, нібы аргументам
За тое, што мы павінны быць разам.

Nov. 8th, 2007

05:15 pm - Алка-галі

Сыпле снег. Я сяджу, папіваючы віскі. Адчуваю, як нехта, далёкі і блізкі, дацягнуўшыся доўгай рукою з-за краю Зямлі, маё сэрца загадна сціскае. Хай, насуперак хвалям магнітным і дротам напятым, мы прыснімся адно аднаму... Паўгадзіны да пятай, пачынаецца ноч. Да сустрэчы, мой дружа, да скорай, я выходжу на сувязь. Прашылі этэр метэоры-сняжынкі, зіхоткія кропкі і рыскi, - і, чытаючы іх, я ў гарбаце размешваю віскі.

Nov. 7th, 2007

01:47 pm - Casablanca Moon

Я злуюся на цябе, бо табе прысніўся Хэмфры Богарт.

Я ніколі табе гэтага не скажу, нават калі я злуюся дарма, нават калі ты насамрэч любіш мяне і толькі мяне, нават калі я і сам люблю цябе.

І бяда не ў тым, што сам я непадобны на Хэмфры Богарта. Гэта вельмі цяжка – быць падобным да Богі. Напэўна, сам Богі калі-ніколі кляў сваю прыгажосць і талент, што ўзносяць яго зоркай на нябёсы, але не дазваляюць быць шчаслівым на Зямлі.

Зусім не ў тым бяда. Будзем лічыць, з маёй знешнасцю, я нарадзіўся шчаслівым.

Але, куды гэта варта? Вось так, без майго дазволу, сніць кожнага-першага-лепшага?

Вазьму і не буду з табой размаўляць. Трэба даць табе час адумацца. Выкінуць гэты чмур з галавы, пакуль не позна.

І зараз мне трэба быць асцярожнейшым удвая. Бо, нават калі я запрашу цябе паглядзець рарытэтнае выданне “Касабланкі”, з гэтага ўжо не атрымаецца прызнання. Ты будзеш глядзець і думаць: “Ха-ха! Між іншым, у нас з ім тое-сёе было! Ён мне прысніўся!”

І мае няўклюдныя знакі павагі ты прымеш з каралеўскай высокамернасцю: “Дазваляю табе, мой мілы, з вялікай маёй ласкі, прыпасці да маіх ног. У свой час да іх прыпадалі каралі! Зоркі!..”.

Jul. 13th, 2007

11:46 am - выпраш у дзверы - улезе ў вакно

Пачынаю  вымяраць, праз колькі клікаў я ў ЖЖ натыкаюся на што-небудзь, што заганяе мяне ў дэпрэсію.
Адзін-два-тры?
Нават калі  дэпрэсатар не жж-юзер, ён і тое знойдзе спосаб, каб перад табой памаячыць!

Jul. 8th, 2007

03:11 pm - мелодыі стагоддзя

Год таму я аддаў маме свой мабільны тэлефон, якім карыстаўся, калі ў мяне быў мой самы безнадзейны раман.
І  калі ўвечары ёй сталі раптам валіць сэмэскі, з гэтай характарнай мелодыяй (Крамбамбуля - Люблю) - мне зрабілася несцярпіма балюча, і млосна, і страшна. Горш нават, чым тады.
Я, дарэчы, да таго моманту глядзеў фільм жахаў, і нешта ніяк у мяне не атрымоўвалася жахнуцца)))

Jul. 2nd, 2007

10:27 pm - нешта

Ну што ж, будзем пакуль тут ашывацца.
Нешта я губляю веру ў чалавецтва.

Jun. 2nd, 2007

11:02 am - уласны лірыкс

(музыка ў стылі Курта Вайля)

У кожным горадзе можа быць, павінны быць свой Дэвід Боуі,
Свая Эвіта Перон, свой Дэка(гепта)мерон,
Свой Кальдэрон і свой Камерон.
І будзь ты Дробыш ці Мележ - блісні, і ты яго заменіш (больш ці меньш!)
Калі не дрогне ўнутры і дарагія сябры
Гукнуць "Гары, хваінка, гары..."

(аркестр)

(прыпеў)
А вось
І восьмае сакавіка,
І вось табе мая рука, нага, кавалак кумпяка,
Мой Бельведэр і мой Сан-Сусі
(ты толькі папрасі!)
Табе -
Пакуль цябе не задзяўбе.
Няхай загіну ў барацьбе (касьбе, на малацьбе),
але спяю: люблю цябе, люблю цябе!

З табою я на ўсё гатовы - хочаш,
Я змяню свой пол! на  жаночы!  (ці на дзявочы!)
Каб ... больш не пацець,
Шаўковым шлейфам - ляцець,
Душы - трымцець і фанацець
Па ісламскай каліграфіі ці па ісландскай электроніцы.
І французскія гармонікі
Спяюць "Якога ражна
Ты лепіш конікі з гна?
Будзь як яна будзь як яна будзь як яна..."

(французскія гармонікі)

(яшчэ раз прыпеў)

(с)Сід Істмунд

May. 31st, 2007

04:30 pm - ізноў перакрад... на гэты раз мне яго замовілі!

разам з захапленнямі ўздымаецца прыліў
я думаў, гэта ты
гэткія ўяўленні падганяюць наш парыў
я думаў, гэта ты
з кожным супадзеннем толькі большае хлусні
я думаў, гэта ты
перанасычэнне асмугляе і шкварчыць
я думаў, гэта ты.
 
я нячысты ліберцін
калі ты праліваеш сплін
я толькі здольны анямець
а ты ўсё далей ад мяне
расці мяне нібы бансай
а на маю самоту не зважай…
 
я
перагарну старонку плана
я
там
я існую з табою
я існую з табою
я існую з табою
перагарну старонку плана
а без цябе і - я нішто

(с)Сід

Apr. 22nd, 2007

07:54 pm - яшчэ адзін перакрад

Што Папялушка апране
на заўтрашнія party?
няведама чыё раней,
на заўтрашнія party.

Гадзіннік праб'е, і кожны яе
як пудзіла, жахнецца
і будзе плакаць сумны клоўн
за нашымі дзвярмі.

Што будзе Папялушка шыць
на заўтрашнія party?
з шаўкоў і кужалёў чужых
на заўтрашнія party.

У чацвярговых лахманах
Мы зноў яе сустрэнем,
Хоць панядзелак развіднеў
За нашымі дзвярмі

Хто будзе шкадаваць яе
На тых наступных паці?
Прынцэсу мілую ў чацвер,
У нядзелю - проста блазна.

Учарашні трэнд, наш сэконд-хэнд -
Касцюм для тых, хто плача,
пакрыўджаны на ўсё жыццё,
За нашымі дзвярмі.

(с)Сід

Mar. 2nd, 2007

09:13 am - Якую я штуку знайшоу на публичным кантуперы!.. ююю...

ЧЫТАЦЬ ПАВОЛЬНА І УДУМЛІВА! ...
і каб лінгвіста нехта назваў сапраўдным музыком... о, чорт!


- Лингвисту очень тяжело слушать тех, кто не умеет писать, это как ты догадываешься о тебе - "мущина", меня просто бесит твоя безграмотность, прости...

- Это я учту. Тебе в таком случае надо задуматся над логичностью своих высказываний "слушать тех, кто не умеет писать", а тех кто не умеет читать слушать нормально? Каждый специалист в своей области. Я спокойно переношу ошибки других в своей области, хотя они куда большие последствия чем мой "мущина".
Знаеш пословицу про соринку в глазу...?

- Ну все хватит игр, выходу на чистую воду, дай свой телефон - все не так, как ты представил, а я не та....

- Обиделся... Ладно, ты все это время общался не с Настей, а ее мамой, я понимаю, что возмущению твоему сейчас нет предела, но она категорически против всех знакомств в инете, поэтому я думала, что заинтересую ее.... потом, когда ..., ну, в общем, прости, но именно с тобой, диалог приобрел такой острый окрас, когда два поколения не могут понять друг друга, тем более, что у меня еще есть сын, которому 24 и он тоже висит в инете и постоянно с девченками знакомится и кого-то нового приводит. Я не против... Объяснить тебе это сложно, потому что ты мужик и судя по тому, что ты успел наговорить мне, мужик настоящий, но я не Настя. Прости. Желаю тебе найти свою половинку.

Navigate: (Previous 20 Entries)